Рэспубліканскі праектны інстытут па землеўпарадкаванні “Белдзіпразем”

Рэспубліканскі праектны інстытут па землеўпарадкаванні “Белдзіпразем” утвораны 30 сакавіка 1961 года для вырашэння задач карэннага паляпшэння арганізацыі землеўпарадкавання, удасканалення тэхналогіі праектна-вышукальных работ, стварэння належных умоў для забеспячэння калгасаў і саўгасаў землеўпарадкавальнай дакументацыяй. Інстытуту былі падначалены землеўпарадкавальныя партыі і атрады абласных аддзелаў землеўпарадкавання, аб’яднаныя ў шэсць землеўпарадкавальных экспедыцый. Ужо ў першыя гады дзейнасці інстытут выконваў па заказах сельскагаспадарчых арганізацый работы па ўнутрыгаспадарчым землеўпарадкаванні, абнаўленні планава-картаграфічнага матэрыялу, выдачы дзяржаўных актаў на бестэрміновае карыстанне зямлёй.


У 1969 г. была праведзена арганізацыйная перабудова інстытута: пяць абласных экспедыцый былі ператвораны ў філіялы “Белдзіпразем”, а Мінская ў якасці вытворчага аддзела ўвайшла ў склад галаўной арганізацыі. У сувязі з паскораным развіццём прадукцыйных сіл і ўдасканаленнем вытворчых адносін, ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі рэспублікі значна ўзрастала роля зямлі як найважнейшага сродку вытворчасці і прыроднага рэсурсу. Адпаведна заўважна ўскладняліся задачы землеўпарадкавання. Паспяховае вырашэнне іх патрабавала далейшага ўмацавання і развіцця землеўпарадкавальнай службы, а таксама інстытута “Белдзіпразем”.


На момант распаду Савецкага Саюза і ўтварэння Рэспублікі Беларусь галаўное прадпрыемства ў г. Мінску, а таксама філіялы ў Гродна, Віцебску, Гомелі, Брэсце мелі сучасныя вытворчыя карпусы. Актывізаваўся прыток новых кадраў. З цягам часу інстытут ператварыўся ў магутнае і добра аснашчанае прадпрыемства, дзейнасць якога была накіравана на выкананне дзяржаўных задач у галіне землеўпарадкавання.


У 1996 годзе інстытут быў перайменаваны ў дзяржаўнае прадпрыемства “Праектны інстытут Белдзіпразем”, а ў студзені 2000 года перарэгістраваны ў Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Праектны інстытут Белдзіпразем”.


Сёння Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Праектны інстытут Белдзіпразем”, з’яўляючыся галаўной арганізацыяй, мае ў структуры пяць Даччыных унітарных прадпрыемстваў у гарадах Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродна і Магілёве.

На працягу станаўлення і развіцця інстытута няўхільна ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база, узмацняецца аснашчанасць вытворчасці сучасным геадэзічным, фотаграметрычным і электронна-вылічальным абсталяваннем, офіснай тэхнікай, удасканальваецца тэхналогія праектна-вышукальных работ.


У інстытуце захоўваецца пераемнасць пакаленняў. Ветэранаў, якія стаялі ля вытокаў яго станаўлення і ўдзельнічалі ў яго развіцці, паслядоўна змяняе новае пакаленне спецыялістаў, якіх рыхтуюць у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Беларускім дзяржаўным універсітэце і Полацкам дзяржаўным універсітэце.


За мінулы перыяд (больш за 50 гадоў) інстытут “Белдзіпразем” вырас у магутную і шматпрофільную праектна-вышукальную арганізацыю, здольную на высокім тэхнічным узроўні вырашаць складаныя задачы вывучэння, арганізацыі рацыянальнага выкарыстання і аховы зямельнага фонду рэспублікі.


Вышэйпастаўленым органам з’яўляецца Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь.